02.02.2011

У Беларусі будзе створана нацыянальная сістэма спадарожнікавай сувязі

Як патлумачыў начальнік упраўлення Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, кандыдат тэхнічных навук Ігар БЫКАЎ, сёння ўвесь свет ідзе па шляху развіцця тэлекамунікацыйных сістэм. Для Беларусі стварэнне ўласнай нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі – гэта чарговы этап на шляху інавацыйнага развіцця, абранага адным з прыярытэтаў на новую пяцігодку.  

– Інавацыйнае развіццё прадугледжвае ўкараненне новых тэхналогій, а новыя тэхналогіі без сучасных сродкаў сувязі немагчымыя, — дадаў Ігар Міхайлавіч. – І тут сродкі сувязі трэба разумець шырэй, чым проста кантактаванне фізічных асоб, якія знаходзяцца на адлегласці. Спадарожнікавыя сістэмы сувязі цяпер неабходны для таго, каб ствараць прасторава размеркаваныя тэхналогіі. Напрыклад, без сучаснай сістэмы спадарожнікавай сувязі немагчыма нармальнае функцыянаванне лагістычнай сістэмы (сістэмы перамяшчэння тавараў па тэрыторыі краіны). Такіх кірункаў вельмі шмат. Зыходзячы з гэтага, кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб стварэнні ўласнай нацыянальнай спадарожнікавай сістэмы сувязі.  

Мяркуецца, што нацыянальная сістэма спадарожнікавай сувязі будзе ўключаць у сябе: касмічны сегмент (гэта адзін касмічны апарат (КА), які складаецца з касмічнай платформы (КП) і карыснай нагрузкі (КН), а таксама наземны сегмент у складзе наземнага комплексу кіравання КА (НКК), дынамічнага трэнажора спадарожніка, цэнтра кіравання і маніторынгу рэсурсамі сувязі спадарожніка, інтэграванай сістэмы спадарожнікавай сувязі. Як патлумачыў Ігар Быкаў, кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне на конкурснай аснове правесці выбар генеральнага выканаўцы работ па стварэнні нацыянальнай спадарожнікавай сістэмы сувязі. Генеральны выканаўца павінен прадставіць поўны пакет прапаноў па стварэнні сістэмы, у тым ліку прапановы па фінансаванні праекта пад дзяржаўныя гарантыі Рэспублікі Беларусь. Сістэма спадарожнікавай сувязі павінна адпавядаць прынцыпам высокай надзейнасці і мінімальнай рызыкі.  

Сістэма спадарожнікавай сувязі можа быць задзейнічана для абслугоўвання заказчыкаў телевяшчання, тэлекамунікацый, для перадачы даных, шырокапалосных мультымедыя і паточных сродкаў інфармацыі як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і сумежных краін, так і ў асобных дзяржавах Азіі, Афрыкі, Еўропы, Блізкага Усходу. Нагадаем: пакуль што ў касмічнай прасторы няма беларускага спадарожніка сувязі. Ніякага «ўзаемадзеяння»  спадарожніка сувязі з беларускім спадарожнікам дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі не прадугледжана.  

Інга МІНДАЛЁВА